Ад 8,5 рубля. Колькі каштуюць кактэйлі ў мінскіх барах

Цана на алкагольны кактэйль — гэта індыкатар узроўню тусовачнага жыцця горада. Ён паказвае, колькі людзі гатовыя плаціць за эстэтыку, добры настрой і геданізм. Мы паглядзелі, колькі зараз каштуюць розныя напоі ў сталічных барах.

12.11.2022 / 17:56

Фота: pixabay.com

Пачнём з месца на тусовачнай Кастрычніцкай вуліцы. Крафтавы бар Spichki прапануе аўтарскія кактэйлі ад 10 рублёў. Так, фірмовы напой з назвай, аналагічнай бару, каштуе 12 рублёў і з’яўляецца адным з самых дарагіх. У 80 мл уваходзяць лікёры амарэта, кампары, лімонны сок і венесуэльскі напой ангастура.

Вось што бар прапануе яшчэ:

Цана шпрыц-кактэйляў — ад 8,5 да 13 рублёў. А звычайная «Крывавая Мэры» тут каштуе 10 рублёў за 230 мл.

Фота: pixabay.com

Адносна новы бар Molodoi на Веры Харужай таксама робіць акцэнт на аўтарскіх напоях, але ж сярод іх заўважана і «Крывавая Мэры». Кактэйлі тут каштуюць па 18 рублёў, у меню пазначаны аб’ём кожнага. Напой пад назвай «Косма дэлюкс» змяшчае 111 мл, «Дым у вочы» — 91 мл, «Яблычны гімлет» — 110 мл, «Палома» — 225 мл, а «Крывавая Мэры» — 200 мл.

Перамяшчаемся на Зыбіцкую і заглядаем у меню бара «На пляжы», дзе цана кактэйлю пачынаецца ад 18 рублёў і заканчваецца 40. Самыя танныя напоі — Paloma Parsley, Modern Pina Colada, Smoked Punch, Missionary Downfall. За 22 рублі тут можна замовіць тры кактэйлі — Dark’n’stormy, Mai Tai і Hiki Hoho. На тры рублі даражэй будзе каштаваць Zombie. А фірмовы кактэйль «Aнанас на пляжы», які падаюць у сапраўдным ананасе, абыдзецца ў 40 рублёў.

Фота: gastrofest.by

Папулярны і ўнікальны бар «Сіняя Каза» прапануе толькі аўтарскія кактэйлі. Так, «Mалако Сіняй Казы» каштуе 14 рублёў, «Імбірная Каза» — 15, фірмовы шот і настойкі ў асартыменце — па 5 рублёў.

А ў бары «Бяссонніца» на Герцэна любы алкагольны кактэйль каштуе 17 рублёў. Тут ёсць Mao (рэзкі ром, моцная зялёная гарбата і лайм), Pacific Ocean (тэкіла, персік, лайм і лікёр курасо), Porn Star (гарэлка, маракуя, цытрусавыя і ваніль) і іншыя.

Nashaniva.com