Міністр абароны Украіны спрагназаваў, колькі часу расійскія войскі будуць пакідаць Херсон

Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў мяркуе, што вывад войск з правага берага Дняпра, у тым ліку з Херсона, зойме ў Расіі не менш за тыдзень. Пра гэта ён паведаміў у чацвер вечарам у інтэрв'ю агенцтву Reuters.

11.11.2022 / 10:23

Са слоў Рэзнікава, у Херсонскай вобласці — 40 тысяч расійскіх салдат, і значная частка з іх, як сцвярджае ўкраінскі міністр, знаходзіцца ў Херсоне і вакол яго на правым беразе.

«Гэта складана — вывесці гэтыя войскі з Херсона за пару дзён. Тыдзень мінімум», — сказаў Рэзнікаў, дадаўшы, што прадказваць дзеянні расіян не бярэцца.

Эксперты Амерыканскага інстытута вывучэння вайны (ISW) таксама лічаць, што «расійскае адступленне зойме яшчэ некаторы час, і па ўсёй Херсонскай вобласці будуць працягвацца баі».

Ва ўкраінскім аператыўным камандаванні «Поўдзень», у зоне адказнасці якога знаходзіцца Херсонская вобласць, паведамілі ў ноч на 11 лістапада, што Расія працягвае перамяшчаць вайскоўцаў і тэхніку паміж двума берагамі Дняпра, будуе рубяжы абароны на левым беразе і абстрэльвае пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў на правым.

УСУ падчас актыўных аперацый вельмі скупа распавядаюць аб тым, што адбываецца. Адзіным указаннем на наступальную аперацыю ўкраінскіх вайскоўцаў у Херсонскай вобласці можна лічыць паведамленне аб тым, што «сілы абароны працягваюць прасоўванне лініі фронту бліжэй да левага берага», а расійскія войскі «экстранна пакуюцца ў плаўсродкі, прыдатныя для пераправы, і спрабуюць выратавацца ўцёкамі».

Увечары 10 лістапада прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што на поўдні Украіны вызвалены 41 населены пункт. За які час іх вызвалілі, Зяленскі не ўдакладніў.

Nashaniva.com