ЗША перасталі лічыць Расію краінай з рыначнай эканомікай. Гэта можа прывесці да ўвядзення новых тарыфаў

Міністэрства гандлю ЗША заявіла, што больш не будзе лічыць Расію краінай з рыначнай эканомікай. Такім чынам Вашынгтон адабраў у краіны статус, прадастаўлены ёй 20 гадоў таму, і які дазваляў пазбягаць антыдэмпінгавых пошлін на тавары.

11.11.2022 / 09:44

Як паведамляе Reuters, амерыканскі ўрад устанавіў, што ўлады Расіі ў вельмі значнай ступені ўмешваюцца ў працу эканомікі, што ўплывае на цэнаўтварэнне і структуру выдаткаў расійскіх вытворцаў. Па заяве Міністэрства гандлю, у выніку цэны на расійскія тавары, якія пастаўляюцца ў ЗША, могуць быць несправядлівымі.

«Гэта рашэнне ЗША дае магчымасць прымяняць усю сілу антыдэмпінгавага заканадаўства, каб ліквідаваць скажэнні на рынку, выкліканыя ростам умяшання расійскага ўрада ў працу эканомікі», — паведамляе Міністэрства гандлю ЗША.

Расія атрымала ад ЗША статус краіны з рыначнай эканомікай у 2002 годзе, гэта ў тым ліку было неабходна для ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.

Пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну ЗША і іншыя заходнія краіны ўвялі супраць Расіі маштабныя эканамічныя санкцыі, якія прывялі да рэзкага скарачэння ўзаемнага гандлю. Аднак ЗША па-ранейшаму купляюць у Расіі некаторыя тавары, у тым ліку сталь, алюміній і тытан, нафту, а таксама дрэва.

Nashaniva.com