Крыптавалюты моцна абваліліся. Чаму так адбылося і які прагноз экспертаў?

Біткоін можа ўпасці яшчэ на 25% і нават болей.

10.11.2022 / 20:52

Фота: Marco Verch Professional / flickr.com

Прычына — у чарговай нестабільнасці на рынку крыптавалютаў і падзенні аднаго з некалі найбуйнейшых гульцоў на ім — біржы FTX.

Часцей за ўсё біржы выпускаюць уласныя крыптавалюты для ўнутраных разлікаў — у выпадку з FTX гэта коін FTT. Што адбылося, дакладна невядома, але аглядальнік Bloomberg Мэт Левін прапануе даволі праўдападобную схему.

Большасць біржаў крыптавалют гандлюе крыптавалютамі і толькі. Зарабляюць яны ў асноўным з камісій за пераводы.

Але ў FTX быў закладзены іншы прынцып — яна дае трэйдарам «крэдытнае плячо». Гэта значыць, яна працуе не па прынцыпе «я ўзяў твае грошы, паклаў іх у канверт, і ты даеш мне камісію за канвертацыі», а «я пазычыў табе грошы, купіў на іх крыптавалюту, а пасля карыстаюся ёй, каб зарабляць грошы». Гэта вельмі рызыкоўная схема.

Сталася, што актывы біржы FTX і звязанай з ёй трэйдарскай кампаніі Alameda Research намінаваныя ў асноўным… у токенах самой біржы FTT. Сярод актываў кампаніі таксама 8 мільярдаў даўгоў у рэальных грашах.

Такім чынам, сітуацыю можна апісаць так.

Пачалося гэтым разам усё з публікацыі інфармацыі пра фінансы кампаніі на рэсурсе Coindesk і таго, што стваральнік найбуйнейшай у свеце біржы Binance вырашыў выйсці з партфеля FTX. За ім пайшлі і іншыя карыстальнікі — і адбылася паніка на рынку.

Токен FTT абрынуўся амаль у дзесяць разоў, як і капіталізацыя самой біржы. Пачаліся праблемы з вывадам грошай, а супраць кампаніі пачалі некалькі разбіральніцтваў. На гэтым фоне «праселі» і іншыя крыптавалюты, бо людзі пачалі выводзіць іх у «фіятныя» грошы.

Дынаміка цаны токена FTX. Фота: coinmarketcap.com

Што чакае крыптавалюты ў будучыні?

Калі FTX ніхто не выратуе (для гэтага патрэбныя каля 8 мільярдаў даляраў), то чакаецца яшчэ большая катастрофа. Нікалаос Панігіртзоглу з фінансавага гіганта JPMorgan (JPM) кажа:

«Новую фазу зніжэння пазыковай нагрузкі робіць больш праблематычнай тое, што ў экасістэме крыптавалютаў скарачаецца колькасць арганізацый з больш моцным балансам, здольных выратаваць тых, у каго нізкі капітал і высокае крэдытнае плячо.

FTX і Alameda Research з'явіліся ў маі-чэрвені мінулага года ў якасці асноўных арганізацый з моцнымі балансамі для выратавання больш слабых і закрэдытаваных арганізацый, такіх як BlockFi, Voyager Digital і Celsius. Цяпер, калі трываласць балансу Alameda Research і FTX аказалася пад пытаннем ўсяго праз некалькі месяцаў пасля таго, як яны ўспрымаліся як моцныя балансавыя арганізацыі, гэта стварае крызіс даверу і зніжае апетыт іншых крыптавалютных кампаній прыйсці на дапамогу».

Ён кажа, што паказчык пазіцыянавання ф'ючарсаў на біткоін, распрацаваны JPM, знаходзіцца на самым нізкім узроўні са студзеня 2020 года, што паказвае, што людзі менш гатовы ўкладацца ў крыптавалюты.

Фаза зніжэння пазыковай нагрузкі, якая рушыла за абвалам стэйбл-коіна TerraUSD, выклікала абвал крыптавалютнага рынку з прыкладна 1,7 трыльёна ў пачатку мая да прыкладна 850 мільярдаў у чэрвені. Перад крахам FTX/Alameda Research аб'ём рынку крыху падрос і складаў больш за трыльён даляраў (цяпер ён ніжэйшы за 900 мільярдаў — НН), але эксперт мяркуе, што на бягучым этапе зніжэння пазыковай нагрузкі крыптавалютны рынак застанецца на адзнацы вышэй за 500 мільярдаў.

Іншы спосаб прадказаць магчымасць падзення — гэта кошт майнінгу біткоіна, які гістарычна выступаў у якасці ніжняй мяжы цаны біткоіна. Цяпер сабекошт майнінгу складае 15 тысяч даляраў за адзін біткоін, але, хутчэй за ўсё, ён вернецца да мінімуму ў 13 тысяч, адзначанага ў летнія месяцы. Сабекошт здабычы ў 13 тысяч значыць зніжэнне цаны яшчэ на чвэрць, што прывядзе да зніжэння аб'ёму рынку крыптавалютаў да мінімуму ў 650 мільярдаў.

Дэвід Адамс, партфельны менеджар фонду лічбавых актываў King River, сказаў, што менавіта да цаны ў 13 тысячаў ён заклікае разам з далейшым падзеннем так званых альтэрнатыўных токенаў. Ён дадаў, што «мы пачнём бачыць каштоўнасць» на такіх узроўнях. Хэйдэн Х'юз, выканаўчы дырэктар сацыяльнай гандлёвай платформы Alpha Impact, кажа пра цану ў 13 800 даляраў.

Але Bloomberg папярэджвае, што тэарэтычна падзенне можа быць яшчэ большым. Падзенне рынку крыптавалютаў сёння — адно з самых істотных у гісторыі. Такога не было з сярэдзіны 2018 года, і падзенне працягваецца 53 тыдні запар, а гэта амаль рэкорд з крызісу 2014-2015 гадоў. 

Гісторыя крыптавалютных крызісаў (шкала лагарыфмічная, значыць, адно дзяленне — гэта павелічэнне ў дзесяць разоў). Фота: Bloomberg

І калі падзенне прадоўжыцца, гэта выкліча на рынку яшчэ большы шок, бо зробіць майнінг крыптавалюты часова нявыгадным.

Nashaniva.com