Беларусы Коўна збіраюць сродкі на абнаўленне магілы Клаўдзія Дуж-Душэўскага

Збор сродкаў на ўпарадкаванне магілы Клаўдзія Дуж-Душэўскага на Пятрашунскіх могілках у літоўскім Каўнасе запушчаны на фэйсбук-старонцы беларусаў Коўна. Плануецца памяняць надмагільную шыльду, каб былі надпісы і па-беларуску, усталяваць два флагштокі для бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня», абнавіць надмагільныя пліты.

07.11.2022 / 16:54

Да распрацоўкі дызайну шыльды і надмагільнай прасторы плануецца прыцягнуць беларускіх дызайнераў і мастакоў. Урачыстае адкрыццё будзе прымеркавана да Дня Волі, 25 сакавіка. Збор сродкаў будзе доўжыцца тры месяцы.

Клаўдзій Дуж-Душэўскі (1891-1959) — сябра Рады БНР, аўтар праекта бел-чырвона-белага сцяга, архітэктар Літбудпраекта і дацэнт Ковенскага ўніверсітэта. Двойчы быў арыштаваны савецкімі ўладамі, вязень нямецкага канцлагера. За дапамогу габрэям падчас Другой сусветнай вайны пасмяротна ўзнагароджаны прэзідэнтам Літвы.

Рэквізіты для збору (будуць дадавацца):

Атрымальнік: VŠĮ POLYGLOT LANGUAGE ORGANIZATION

Рахунак: LT687300010171217703

Мэта плацяжу: Duzh-Dusheuski

Старонка збору сродкаў на фэйсбуку.

Nashaniva.com