Зяленскі: Іранскі рэжым павінен быць пакараны

Расіяне рыхтуюцца да новых масіраваных удараў па ўкраінскіх гарадах, асабліва па энергетычных аб’ектах. Для гэтага Расія не толькі выкарыстоўвае іранскія дроны-камікадзэ, але і заказала ў Ірана балістычныя ракеты, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце 6 лістапада.

06.11.2022 / 23:21

Аятала Хаменеі. Фота: Офіс найвышэйшага правадыра Ірана via AP

«Дзяржава-тэрарыст канцэнтруе сілы і сродкі для магчымага паўтарэння масіраваных удараў па нашай інфраструктуры. Перш за ўсё, энергетычнай. Для гэтага Расіі спатрэбіліся іранскія ракеты. Мы рыхтуемся адказваць», — сказаў ён.

Зяленскі паведаміў, што абмеркаваў сёння з прэзідэнтам Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен пытанне адказнасці Ірана за дапамогу Расіі ў вайне.

«Іранскі рэжым павінен быць пакараны. І гэтае пытанне мы паднімем не толькі сярод нашых традыцыйных партнёраў. Увесь свет будзе ведаць, што іранскі рэжым дапамагае Расіі працягваць гэтую вайну… Кожны, хто дапамагае працягваць Расіі гэтую вайну, павінен разам з ёй адказваць і за наступствы гэтай вайны», — сказаў Зяленскі.

Nashaniva.com