Індэксацыю тарыфаў ЖКГ адвязалі ад даляра

Урад адмяніў прывязку індэксацыі тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі да даляра. Змены прадугледжваюцца пастановай №747, дакумент апублікаваны 4 лістапада на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

05.11.2022 / 11:17

Пастанова ўступіла ў дзеянне адразу пасля апублікавання і закранае ў тым ліку тарыфы, якія дзейнічаюць з 1 ліпеня.

Як гаворыцца ў новай рэдакцыі Палажэння аб парадку індэксацыі тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, цяпер усё будзе разлічвацца з улікам курсу беларускага рубля да замежнай валюты. Але ёсць адзін важны нюанс: пастановай прадугледжана, што індэксацыя будзе праводзіцца пры перавышэнні курсу 75 расійскіх рублёў за даляр.

Раней Беларусь перайшла на расійскія рублі ў разліках за расійскі газ, а таксама Мінфін пачаў разлічвацца ў беларускіх рублях па еўрааблігацыях.

Nashaniva.com