ISW: Пуцін з яго заклікамі да канкурэнцыі ў ваеннай прамысловасці адарваны ад рэальнасці

«Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін з яго заклікамі забяспечыць канкурэнтназдольную вайсковую прамысловасць адарваны ад рэальнасці ў выглядзе [разарваных] ланцужкоў паставак у Расіі і праблем вайсковай прамысловай базы», — піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у чарговай зводцы-аналізе пра вайну ва Украіне.

03.11.2022 / 08:39

У сераду Пуцін на нарадзе навастворанага Каардынацыйнага камітэта па забеспячэнні Узброеных Сіл Расіі заклікаў забяспечыць «актыўную канкурэнцыю вытворцаў і распрацоўшчыкаў» зброі, ваеннай тэхнікі і экіпіроўкі.

ISW нагадвае, што Расія купляе дроны і, магчыма, балістычныя ракеты ў Ірана, а таксама, як сцвярджае амерыканская разведка, закупіла артылерыйскія снарады ў Паўночнай Карэі (усе тры краіны запэўніваюць, што нічога такога не было).

«Залежнасць Расіі ў частцы найважнейшых тыпаў узбраення ад краін, якія знаходзяцца ў ізаляцыі і пад цяжкімі санкцыямі, не ўзгадняецца з патрабаваннем Пуціна, каб расійская вайсковая прамысловасць у найбліжэйшай перспектыве стала высокаканкурэнтнай і пачала задавальняць патрэбы расійскіх Узброеных сіл», — заўважаюць аналітыкі ISW.

Nashaniva.com