У Віцебскім універсітэце засаромеліся гульні «Вораг народа», афішу падкарэктавалі

Некалькі дзён таму прайшла інфармацыя, што на 3 і 4 лістапада ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава анансавана мерапрыемства, прымеркаванае да чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Запланаваныя мерапрыемствы выглядалі скандальна. Але гісторыя мела нечаканы працяг, заўважыла выданне «Віцебскі кур'ер».

01.11.2022 / 17:32

Нагадаем, што, паводле апублікаванай афішы мерапрыемства на 14.00 4 лістапада, быў запланаваны анлайн-кінапрагляд разам з расійскімі калегамі з Пскоўскага ўніверсітэта папулярнай у савецкі час ідэалагічнай казкі Аркадзя Гайдара пра Мальчыша-Кібальчыша з наступным абмеркаваннем.

Але найбольшую негатыўную рэакцыю выклікала мерапрыемства, прызначанае на 17.00. На гэты час запланаваная настольная ролевая гульня «Вораг народа», якая будзе праводзіцца па матывах гульні «Мафія». 

Відаць, грамадская думка аказала пэўны ўплыў на арганізатараў мерапрыемстваў, бо ў новай версіі афішы, якой замянілі папярэднюю, ужо не пазначана ні тое, якая казка будзе праглядацца і абмяркоўвацца, ні як будзе называцца ролевая гульня. Аднак самі мерапрыемствы не адмененыя і невядома, ці скарэктаваны іх змест.

Nashaniva.com