Бонсцікі ў «Еўраопце» стануць платнымі. Што здарылася?

Нядаўна дзіцяча-бацькоўскую супольнасць ускалыхнула навіна пра выхад шостай серыі папулярных цацак — бонсцікаў. Але ж высветлілася, што новых герояў нельга будзе атрымаць бонусамі — трэба будзе заплаціць, хаця і прадугледжаны зніжкі. У «Еўрагандлі» расказалі, чаму прынялі такое рашэнне.

31.10.2022 / 15:14

Так выглядае новая калекцыя бонсцікаў, якая ўжо паступіла ў продаж. Фота: Instagram-акаўнт evrooptby.

Як цяпер можна будзе атрымаць бонсціка? Ёсць чатыры варыянты, напісалі ў акаўнце сеткі ў Instagram.

Можна нічога не купляць у краме, а проста прыйсці і купіць цацку за поўную цану — за 88 капеек. А каб узяць бонсціка па акцыі за 20 капеек, трэба будзе або купіць нешта ў «Еўраопце» на 20 рублёў, або купіць бон-тавары, або аплаціць куплю мабільным дадаткам «Еплюс».

У сетцы крамаў распавялі, чаму там сталі прадаваць, а не дарыць бонсцікаў.

— Сёлета мы вырашылі выдаваць бонсцікаў за сімвалічныя 20 капеек, каб цацкі даставаліся толькі тым людзям, якія ў іх зацікаўленыя і збіраюць калекцыю. Раней, калі бонсцікі выдаваліся бясплатна, цацкі апыналіся таксама і ў пакупнікоў, якім яны не былі патрэбныя. Цяпер жа бонсцікі будуць выдавацца толькі па жаданні кліента за мінімальную цану і дакладна апынуцца ў руках тых, хто іх любіў і чакаў, — адзначылі ў Instagram-акаўнце «Еўраопта».

Цацкі-ліпучкі з’явіліся ў гандлёвай сетцы ў 2017 годзе і сталі дзіка папулярнымі ў дзяцей. Такі маркетынгавы ход піяршчыкі «Еўраопта» падгледзелі ў еўрапейскіх крамах, дзе пасля ўвядзення такіх бонусаў вырасталі сярэдні чэк і колькасць новых пакупнікоў.

Nashaniva.com