Наталлі Хершэ ўручылі прэмію «Мужнасць» швейцарскага часопіса Beobachter

53-гадовая Хершэ атрымала прэмію ў памеры 15 тыс. швейцарскіх франкаў за «бясстрашную барацьбу з дзяржаўным самавольствам», паколькі яна «17 месяцаў была палітзняволенай у Беларусі і адмовілася падаць прашэнне аб памілаванні».

30.10.2022 / 19:11

«Ва ўмовах аўтакратыі вы адстойвалі свабоду слова і дэманстрацый — фундаментальныя правы, без якіх не можа функцыянаваць ні адна дэмакратыя. Ваша мужнасць заражае іншых», — заявіла, звяртаючыся да Хершы, старшыня журы прэміі Сузане Хахулі.

Грамадзянку Швейцарыі Наталлю Хершэ затрымалі 19 верасня 2020 года, яна сарвала балаклаву з амапаўца, які затрымліваў жанчын на маршы за свабодныя выбары. Пазней яе асудзілі да 2,5 года калоніі. У турме і калоніі яна паводзіла сябе выключна мужна і прынцыпова. 

Дзякуючы швейцарскаму грамадзянству і дыпламатычным намаганням яе краіны Наталля Хершэ была 18 лютага вызваленая з магілёўскай турмы пасля 17 месяцаў зняволення і адразу адпраўленая ў Швейцарыю. Праз 6 дзён пачалася вайна ва Украіне. 

Nashaniva.com