Штайнмаер заявіў аб «канчатковым правале» расійскай палітыкі Германіі і паабяцаў сваёй краіне цяжкія гады

Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер выступіў з тэлезваротам да народа, у якім расказаў аб сваім нядаўнім візіце ў Кіеў. Па словах Штайнмаера, вялікая вайна, якая пачалася 24 лютага, адзначыла «эпахальныя перамены» ў Еўропе.

28.10.2022 / 17:56

Штайнмаер прызнаў сваю асабістую адказнасць за правальныя спробы Германіі падтрымліваць з Масквой добрыя адносіны.

«У сваёй імперскай апантанасці расійскі прэзідэнт парушыў міжнароднае права, здзейсніў захоп зямлі, паставіў пад сумнеў межы. Расійскі напад — гэта напад на ўсе ўрокі, якія свет вынес з дзвюх сусветных войн», — сказаў прэзідэнт ФРГ.

Штайнмаер папярэдзіў, што краіну чакаюць «няпростыя гады». Ён заявіў, што ў сувязі з вайной і энергетычным крызісам жыхарам давядзецца ахвяраваць. Аднак нямецкі прэзідэнт выступіў у абарону ўведзеных супраць Расіі санкцый і павышэння выдаткаў на абарону. 

У Кіеў Штайнмаер трапіў з трэцяй спробы. Першыя візіты планаваліся яшчэ ў красавіку, але былі адкладзеныя ўкраінскім бокам з-за нерашучай і асцярожнай пазіцыі Берліна, якая ў Кіеве здавалася прарасійскай.

Nashaniva.com