«Ястрабы» ідуць у атаку. Кадыраў зноў наехаў на расійскага генерала, выступіўшы рупарам Прыгожына

Адзін з галоўных расійскіх «ястрабаў», правіцель Чачні Рамзан Кадыраў ужо не першы раз абрынуўся са знішчальнай крытыкай на камандуючага Цэнтральнай вайсковай акругай генерал-палкоўніка Аляксандра Лапіна. Па ягоных словах, менавіта гэты генерал дапусціў прарыў украінскіх войскаў ў раёне населеных пунктаў Цярны, Торскае і Ямпалаўка на Данбасе.

27.10.2022 / 22:30

Яўген Прыгожын і Рамзан Кадыраў. Фота: Kadyrov_95 / Telegram

«Паўтараецца гісторыя са здачай лініі абароны Чырвоны Ліман. Адзін у адзін. І трагедыю на гэтым участку мы пакуль пазбеглі толькі за кошт дакладнага размяшчэння сілаў на другім эшалоне лініі абароны.

Зараз за Лапіным абарона Сватава і Макееўкі. Я задаюся пытаннямі: нікога не цікавіць, якім чынам Лапін атрымаў зорку за ўзяцце Лісічанска, у якім ён нават не быў? Нікога не цікавіць, як ён умудрыўся здаць Чырвоны Ліман і чаму не было праверкі?

Нікога не цікавіць, як ён умудрыўся адкрыць пралом для праціўніка і чаму зноў не было праверкі? Нікога не цікавіць, дзе ён зараз знаходзіцца? Нікога не цікавіць, хто яго так добра прыкрывае?», — заявіў Кадыраў.

Пры гэтым чачэнскі дыктатар, жорстка крытыкуючы Лапіна, адначасова спявае дыфірамбы іншай сімвалічна «ястрабінай» фігуры ў сучасным расійскім грамадстве — уладальніку ПВК «Вагнер» Яўгену Прыгожыну. Ён пачынае з гэтага свой допіс у тэлеграме і гэтым жа заканчвае. 

Паводле Кадырава, «дарагі брат Прыгожын — прыроджаны ваяр, ягоныя байцы — сапраўдныя прафесіяналы і патрыёты Расіі, бясстрашныя, упартыя, мужныя. Гэта сапраўды каштоўныя баявыя падраздзяленні». 

І завяршае свой допіс згадкай пра тое, што «як правільна адзначыў Яўген Віктаравіч, патрэбныя тактычныя і кадравыя змены».

Можна меркаваць, што гэтае выступленне Кадырава не выпадковае, яно адлюстроўвае змаганне за ўплывы паміж рознымі групоўкамі ва ўладных і каляўладных расійскіх колах.

Раней Кадыраў ужо публічна выступаў супраць Лапіна, ускладаючы на яго віну за адступленне расійскіх акупацыйных войскаў з-пад Лімана. 

Nashaniva.com