Ва УСУ спрагназавалі, якія «няпростыя рашэнні» падрыхтавала расійская армія на Херсоншчыне

Расійская Федэрацыя падчас сыходу з левага берага Херсоншчыны можа звярнуцца да падрыву жылых масіваў, каб ператварыць акупаваную ёй тэрыторыю ў выпаленую зямлю, паведаміў намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба УСУ генерал Аляксей Громаў падчас брыфінгу.

27.10.2022 / 13:18

Аляксей Громаў

«Улічваючы адсутнасць у так званай другой арміі свету гуманнасці і захавання міжнародных канвенцый, а таксама паталагічную хлусню ўсіх крамлёўскіх палітыкаў і прапагандыстаў, праціўнік можа прыняць «няпростыя рашэнні», — мяркуе Громаў.

Паводле яго, найбольш верагодна, што падчас адступлення праціўнік, акрамя масавай эвакуацыі, можа звярнуцца да правядзення серыі тэрактаў з падрывам жылых масіваў, ператварэння часова ім акупаванай тэрыторыі ў выпаленую зямлю з пашкоджаннем інфраструктуры.

Улічваючы апошнія інфармацыйныя ўкіды РФ аб «бруднай бомбе», не выключаецца таксама, што акупанты могуць арганізаваць падрывы на Запарожскай атамнай электрастанцыі з мэтай яе канчатковага вываду са строю і правакавання лакальнай тэхнагеннай катастрофы з абвінавачваннем у гэтым Украіны, лічыць Громаў.

Nashaniva.com