«Не паеду ва Украіну, не буду страляць». У Расіі завялі першую крымінальную справу за адмову мужчыны ехаць на вайну

У Расіі завялі першую крымінальную справу аб самавольным пакіданні часці мабілізаваным. Пра гэта заявіў расійскі юрыст, праваабаронца і грамадскі дзеяч, старшыня Міжнароднай правабарончай групы Павел Чыкаў. «Ні ў якую Украіну не паеду, не буду страляць», — прывёў Чыкаў словы абвінавачанага ў сваім тэлеграм-канале.

26.10.2022 / 16:56

Мабілізаваныя расіяне. Фота: AP

Чыкаў дадаў, што пасля гэтых слоў мабілізаванаму пагражалі расправай і крымінальнай адказнасцю. Пасля гэтага ён збег з часці праз дзірку ў плоце.

Юрыст паведаміў, што на жыхара Якуціі, прызванага па мабілізацыі, які пасля самавольна пакінуў вайсковую часць у Бураціі, куды ён быў дастаўлены з ваеннага камісарыята, распачалі крымінальную справу па частцы 2.1 артыкула 337 КК РФ. Яго шукаюць праваахоўныя органы.

Раней паведамлялася, што ў Расіі завялі першую крымінальную справу за ўхіленне ад мабілізацыі, падазраванага затрымаў АМАП. Мужчына адмовіўся распісвацца на позве, уручанай яму ваенкаматам.

Nashaniva.com