Пенсіянерка вырашыла падзарабіць у тэлефонных махляроў. Яна забірала грошы ў пагодкаў

Мінская пенсіянерка паўстане перад судом па абвінавачванні ў махлярстве: яна працавала кур'ерам тэлефонных аферыстаў і збірала грошы па перададзеных ашуканцамі адрасах.

26.10.2022 / 12:21

Падазраваная была затрыманая аператыўнікамі Заводскага РУУС. Яна атрымала ад пажылога мінчука больш за 10,5 тыс.рублёў.

Вядома, што мужчыну дадому патэлефанавала нібыта супрацоўніца міліцыі і распавяла, што яго жонка стала вінаватай ДТЗ, калі пераходзіла дарогу ў неўстаноўленым месцы.

Пацярпеламу ў аварыі трэба тэрмінова заплаціць, каб жонку не прыцягнулі да адказнасці. Мужчына паверыў і перадаў грошы кур'еру. Ім аказалася 61-гадовая пенсіянерка, якая знайшла аб'яву пра «падпрацоўку» у адным з месенджараў.

Жанчына па ўказанні куратараў забірала грошы ў ахвяр падману і паспела наведаць як мінімум тры адрасы.

Следчыя распачалі крымінальную справу за махлярства і нагадваюць: кур'еры нясуць крымінальную адказнасць нароўні з арганізатарамі злачыннай схемы.

Nashaniva.com