Старшыню незалежнага прафсаюза на МАЗе і яшчэ аднаго палітвязня асудзілі да 4 і 5 гадоў калоніі

У Мінскім гарадскім судзе 13 кастрычніка асудзілі палітзняволеных: старшыню першаснай прафсаюзнай арганізацыі Свабоднага прафсаюза металістаў на МАЗе Арцёма Жэрнака, а таксама Данііла Чаўнакова. 

26.10.2022 / 09:50

Данііл Чаўнакоў і Арцём Жэрнак

29-гадовы Арцём Жэрнак і 20-гадовы Данііл Чаўнакоў былі затрыманыя 17 лістапада 2021 года. Амаль год яны знаходзяцца пад вартай у СІЗА-1, паведамляе «Вясна».

У Мінскім гарадскім судзе іх судзілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак); ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім).

Суд адбываўся ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасці справы невядомыя.

Арцём не згодны з вынесеным рашэннем і мае намер яго абскардзіць. У найбліжэйшы час будзе пададзена апеляцыя на прысуд суда.

Nashaniva.com