«Беларускі гаюн»: Іранскія дроны могуць запускаць з беларускай часткі Чарнобыльскай зоны

Маніторынгавая група «Беларускі гаюн», адгукаючыся на паведамленні ўкраінскіх крыніц, што іранскіх дронаў запускаюцца ў Кіеўскую вобласць Украіны з тэрыторыі Беларусі, прааналізавала, адкуль гэта можа рабіцца ў прынцыпе. І прыйшла да высновы, што адзінае месца, якое для гэтага падыходзіць — беларуская частка Чарнобыльскай зоны.

25.10.2022 / 17:40

У пошуку лакацый «Беларускаму гаюну», як адзначаецца, вельмі дапамаглі відавочцы, якія фіксавалі кірунак палёту дронаў на тэрыторыі Украіны.

Аналіз гэтых кірункаў дазволіў моцна звузіць кола пошуку, і ў выніку аналітыкі прыйшлі да высновы, што калі дроны-камікадзэ сапраўды запускаюцца з Беларусі, то ёсць толькі адна тэрыторыя, дзе гэта можа адбывацца — Беларускі сектар зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС (Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік).

Спрыяе гэтаму тое, што большую частку года гэты запаведнік — фактычна закрытая тэрыторыя. Там няма нікога, акрамя аховы, і ёсць месцы, дзе не ловіць нават мабільная сувязь, не кажучы ўжо пра інтэрнэт.

Дзякуючы спадарожнікавым здымкам атрымалася вызначыць таксама некалькі зонаў, дзе бачныя мінімальныя змены на мясцовасці за апошнія некалькі месяцаў.

Першае — гэта Уласы, ліквідаваная вёска ў Хойніцкім раёне ўсяго за 4,5 км ад мяжы з Украінай.

На спадарожнікавых здымках відаць, што ў апошнія месяцы там з'явіліся пратаптаныя дарожкі, трохі расчышчаныя дарогі для праезду і, верагодна, высечаныя кусты. Гэтая вёска знаходзіцца ў самай глухмені, таму там проста няма нікога, хто б мог паведаміць пра магчымы запуск. Адлегласць да найбліжэйшай жылой вёскі Двор-Савічы (Брагінскі раён) складае амаль 20 км.

Другое месца — Кажушкі, таксама ліквідаваная вёска ў Хойніцкім раёне.

Побач выразна бачныя новыя дарогі, а значыць, там пастаянна і часта ездзіць тэхніка.

Nashaniva.com