Палётную праграму ў Мінск з Екацярынбурга і Пермі адмянілі за дзень да старту

Авіякампанія «Уральскія авіялініі» адмяніла палётную праграму ў Мінск. Як паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнага аэрапорта «Мінск», авіякампанія перанесла старт праграмы на вясну 2023 года.

25.10.2022 / 16:43

У пачатку кастрычніка «Уральскія авіялініі» анансавалі запуск прамых рэйсаў у Мінск з Пермі і Екацярынбурга. У мінскім аэрапорце тады заяўлялі, што «адкрыццё новага рэйса дазволіць палепшыць не толькі эканамічныя, палітычныя і дзелавыя сувязі паміж Рэспублікай Беларусь і гарадамі Расійскай Федэрацыі, але і адкрыць новыя перспектывы ў развіцці турызму».

Першыя рэйсы ў Нацыянальны аэрапорт «Мінск» павінны былі адбыцца ўжо заўтра, 26 кастрычніка. Авіякампанія планавала выконваць рэйсы ў беларускую сталіцу двойчы на тыдзень.

Прычыну адмены мінскі аэрапорт сам не называе, прапануючы звяртацца з гэтым да перавозчыка.

Nashaniva.com