«Купалаўцы» прадставяць новы праект — пра 1930-я. Паглядзець можна будзе ўжывую і анлайн

«Купалаўцы» прадставяць на фестывалі беларускай песні «Бардаўская восень» у Падляшскім ваяводстве Польшчы адразу два спектаклі: «Я гавару» і «37-22». Апошні — прэм'ерны

25.10.2022 / 16:32

«37-22» — паэтычны спектакль беларускага рэжысёра, педагога Андрэя Саўчанкі. Галоўная ідэя спектакля — дыялог паміж трыццатымі гадамі ХХ стагоддзя і сучаснасцю, таму ў назву вынесеныя пэўныя вехі — 1937 і 2022. Што агульнага маюць гэтыя даты? Новы праект «Купалаўцаў» спрабуе супаставіць далікатную музыку тэкстаў таго часу і яе водгулле ў цяперашнім дні, сатканае з нашага жадання памятаць.

«У 30-я беларускую літаратуру хацелі знішчыць, але пакаленні даследчыкаў, паэтаў і чытачоў ратавалі яе імёны ад забыцця, разбуралі маўчанне. І вось мы на хісткай глебе 2022 года. На галасы Уладзіміра Жылкі, Уладзіміра Дубоўкі, Васіля Шашалевіча адгукаюцца творы сучасных аўтараў. Што будзе з намі цяпер? Адказы на гэтае і іншыя пытанні мы прапануем пашукаць разам», — анансуюць прэм'еру купалаўцы.

У спектаклі на сцэну выйдуць Зоя Белахвосцік, Валянціна Гарцуева, Алег Гарбуз, Алена Зуй-Вайцяхоўская, Міхась Зуй, Сяргей Чуб.

Прэм’ерны паказ спектакля адбудзецца 29 кастрычніка а 19.30 у Беластоцкім Тэатры Лялек.

Прэм'еру паэтычнага спектакля «37—22» таксама можна будзе ўбачыць у прамой трансляцыі на ютуб-канале купалаўцаў 29 кастрычніка ў 20.30 паводле беларускага часу.

Уваход на ўсе мерапрыемствы бясплатны і без запрашэнняў.

Nashaniva.com