«Дабраном» даганяе «Еўрагандаль» па колькасці крам

Кампанія «Дабраном» з пачатку года зарэгістравала 94 новых крамы, сведчаць дадзеныя Гандлёвага рэестра Беларусі. У той жа час лідар прыватнага сектара, «Еўрагандаль», зарэгістраваў са студзеня прыкладна на траціну менш крам — 62.

24.10.2022 / 22:15

Такім чынам, сетка «Дабраном» у 2022 годзе перасягнула парог у 800 гандлёвых кропак і набліжаецца да адзнакі 900. Дакладная колькасць магазінаў у рэестры на дадзены момант — 867. Яны працуюць пад брэндамі «Дабраном», «Капеечка» і «Маяк».

Пры гэтым сетка «Еўрагандаль» захоўвае пазіцыю на ўзроўні больш за тысячу гандлёвых аб'ектаў. У асноўным гэта крамы «Еўраопт» і «Хіт!»і каля сямі дзясяткаў дыскаунтараў «Грошык». Таксама можна ўлічыць алкагольную сетку «Сем пятніц», афіліяваных з «Еўрагандлем», — амаль 90 крам.

На дадзены момант і «Дабраном», і «Еўрагандаль» — найбуйнейшыя рознічныя сеткі ў краіне, калі не лічыць кантраляванага дзяржавай Белкаапсаюза. Гэта аб'яднанне заяўляе, што колькасць крам яе сеткі «Родны кут» перавышае дзве тысячы.

Пры гэтым нядаўна ДФР распачаў крымінальную справу супраць дваіх службовых асоб сеткі «Дабраном». Яны абвінавачваюцца ў павышэнні цэнаў з 6 па 7 кастрычніка не менш, чым па 30 пазіцыях.

Чытайце таксама:

Затрымалі дваіх менеджараў сеткі крам «Дабраном» — яны павысілі цэны ў дзень разносу Лукашэнкі

Nashaniva.com