Прэс-сакратара A1 асудзілі за «фінансаванне экстрэмісцкага фармавання», якога не існавала

ГУБАЗіК раскрыў падрабязнасці справы Мікалая Брэдзелева. Гэта дазволіла пабачыць, як фальсіфікуюцца палітычныя справы.

25.10.2022 / 15:50

Пасля таго, як былому прэс-сакратару A1 Мікалаю Брэдзелеву абвясцілі прысуд — чатыры гады калоніі, сілавікі вырашылі раскрыць падрабязнасці справы.

Згодна з гэтай інфармацыяй, яму закідалі арт. 361-2 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання) за тое, што Антон Матолька на сваім канале піярыў A1 і быў знаёмы з Брэдзелевым. Адбывалася гэта ў перыяд са жніўня па снежань 2020 года. Праўда, тут ёсць два нюансы.

Першы ў тым, што на той момант канал «МотолькоПомоги» не быў прызнаны ані экстрэмісцкім фарміраваннем (канал прызналі такім 17 сакавіка 2022 года), ані нават экстрэмісцкімі матэрыяламі (ён з'явіўся ў гэтым спісе 20 сакавіка 2021 года).

Гэта значыць, што фактычна закону надалі зваротную сілу. 

У цяперашнім беларускім заканадаўстве пад «экстрэмісцкую» патрапляе любая дзейнасць, крытычная ў дачыненні да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

У саміх рэкламных допісах няма нічога крымінальнага — там блогер расказвае пра новыя праекты A1 і час ад часу троху «накідвае» на канкурэнтаў кампаніі.

Такім чынам, быццам бы A1 фінансавала «экстрэміста» Матольку. 

Прыклады рэкламных публікацый

Другі нюанс — ніводная з дамоваў, апублікаваных у канале сілавікоў, не была падпісаная асабіста Брэдзелевым. Матолька заключаў кантракт з PR-кампаніяй «Сетэ Студыя», якая, уласна кажучы, і была нанятая для піяру А1.

Фота з канала сілавікоў

Паколькі суд быў закрытым, дэталі яго невядомыя.

Міхаіл Кірылюк, прававы дарадца Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, эмацыйна пракаментаваў гэту справу:

«Галоўная рэч у тым, што Мікалая Брэдзелева ўвогуле не мусілі затрымліваць. Няма розніцы ў прававым сэнсе, прызнаная нейкая супольнасць экстрэмісцкім фарміраваннем ці не, — гэта палітычны пераслед.

І сам гэты закон не прававы. Заканадаўства, датычнае экстрэмісцкіх фарміраванняў, створанае выключна для пераследу праціўнікаў дзейнай улады. Яно супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным прававым актам у галіне правоў чалавека, якія Беларусь падпісала, і любы міжнародны суд апраўдаў бы Брэдзелева».

Нагадаем, Мікалая Брэдзелева затрымалі 10 снежня 2021 года. Падчас затрымання яго катавалі, а пасля выклалі ягоныя інтымныя фота ў праўладныя каналы. 

Гэта не першы выпадак, калі законам фактычна надаюць зваротную сілу. Артыкул 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) не раз выкарыстоўвалі, каб адправіць у калонію журналістаў.

Так, фрылансера Андрэя Кузнечыка асудзілі на 6 год калоніі ўзмоцненага рэжыму за супрацу з «Радыё Свабода». Журналіста затрымалі 25 лістапада 2021 года, медыя прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем толькі праз месяц пасля гэтага (23 снежня).

Галоўрэду «БелаПАН» Ірыне Леўшчынай прысудзілі 4 гады калоніі. Яе арыштавалі 18 жніўня 2021-га, агенцтва прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем толькі 1 лістапада.

3 лістапада 2021 года ў той жа спіс унеслі «Белсат». Журналістку Ірыну Слаўнікаву, якую затрымалі за пару дзён да гэтага, асудзілі ў тым ліку па артыкуле 361-1 на 5 год калоніі.

Пад гэты артыкул падганяюць і прысуды актыўным грамадзянам. Так, у сакавіку мінулага года затрымалі маці пяці дзяцей Вольгу Залатар. Сярод абвінавачанняў — стварэнне чатаў «Ждановічы сёння», «Ждановичи 2020 — клуб любителей песен Цоя», якія прызналі экстрэмісцкімі фарміраваннямі толькі праз 7 месяцаў пасля арышту жанчыны (у спіс МУС чаты ўнеслі 22 кастрычніка 2021-га).

Былому прэс-сакратару А1 Мікалаю Брэдзелеву прысудзілі 4 гады калоніі

Nashaniva.com