У Еўропе будзе адна зарадка на ўсе гаджэты. Еўрасаюз канчаткова зацвердзіў поўны пераход на USB-C

Рада Еўрасаюза канчаткова ўхваліла законапраект, які зробіць стандарт USB-C абавязковым для большай часткі карыстацкай электронікі. З 2024 года ім павінны быць абсталяваныя ўсе смартфоны, планшэты, камеры, навушнікі, электронныя кнігі, кансолі і калонкі, піша Delfi.lt.

24.10.2022 / 17:28

Выключэнне робіцца толькі для зусім маленькіх гаджэтаў, у якія USB-C фізічна немагчыма размясціць, такім як смарт-гадзіннікі, трэкеры здароўя і некаторае спартыўнае абсталяванне.

Пры гэтым ноўтбукам далі крыху больш часу на пераход — 40 месяцаў пасля ўступлення ў сілу новых правілаў. Тое ж самае тычыцца стандартаў хуткай зарадкі, каб карыстальнікі маглі зараджаць свае прылады з аднолькавай хуткасцю з дапамогай любога сумяшчальнага адаптара сілкавання.

Таксама закон дазваляе спажыўцам выбраць — купіць тэлефон з зарадным адаптарам ці без яго. У Еўрасаюзе лічаць, што гэта дапаможа скараціць колькасць адкідаў і ашчадзіць грошы спажыўцоў.

Nashaniva.com