Украінская разведка: У Беларусь прыбылі каля 3200 расійскіх вайскоўцаў

Такія лічбы прыводзяцца ў інтэрв'ю «Украінскай праўдзе». Але прыкмет фармавання ўдарных груповак у Беларусі ўкраінская разведка пакуль не назірае.

24.10.2022 / 11:33

Расійскія вайскоўцы ў Беларусі. Фота: Мінабароны Беларусі

«Гісторыя з атакай беларусаў на Украіну ў нашых медыя з'яўляецца дзесьці з красавіка. Прыкладна раз на паўтара месяца заяўляюць, што дакладна вось заўтра нападуць гэтыя страшныя легіёны беларусаў. Але рэальнасць трохі іншая, і шмат разоў я развенчваў гэтыя міфы», — мяркуе кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў.

Па яго словах, зараз у Беларусь завезлі 3200 вайскоўцаў.

«Але яны без цяжкай тэхнікі. Наадварот, Беларусь усю сваю тэхніку з баз доўгатэрміновага захоўвання адпраўляе ў Расію. Гэта значыць фізічна чым яны з намі будуць цяпер ваяваць? Я не разумею. І гэтак жа не разумеюць яны», — мяркуе кіраўнік ГУР.

Таксама ён лічыць, што наступу на Кіеў у бліжэйшы час чакаць не варта, бо для гэтага два ці два з паловай тыдні перакідвання войскаў. А такога пакуль не назіраецца.

Nashaniva.com