Супольнасць чыгуначнікаў: Ураджэнцаў Украіны выклікаюць у КДБ, пытаюцца пра сваякоў ва Украіне і адносіны да вайны

Пачаўся збор даных аб жыхарах Рэспублікі Беларусь, якія нарадзіліся ва Украіне, іх выклікаюць у КДБ, паведамляе телеграм-канал чыгуначнікаў.

22.10.2022 / 20:06

Па распараджэнні намесніка начальніка Беларускай чыгункі Ігара Казлоўскага, былі падрыхтаваныя спісы работнікаў БЧ, якія нарадзіліся ва Украіне, паведамляе канал.

Паводле інфармацыі @belzhd_live, работнікаў, якія нарадзіліся ва Украіне (напрыклад, перасяленцы з Данбаса), выклікаюць у абласныя ўпраўленні КДБ і распытваюць пра сваякоў ва Украіне, што тыя распавядаюць, задаюць іншыя пытанні.

Грамадзян Беларусі таксама пытаюцца, ці галасавалі на выбарах 2020 года, за каго галасавалі, цікавяцца стаўленнем да вайны і г. д.

«У працэсе апытання праводзіцца аналіз на схільнасць да «здрады дзяржаве». Пры якіх-небудзь падазрэннях з боку КДБ, работнікаў адпраўляюць на паліграф», — піша канал.

Аб падобных дзеяннях у дачыненні да ўраджэнцаў Украіны ў іншых арганізацыях раней не паведамлялася.

Супольнасць чыгуначнікаў падчас вайны распаўсюджвае важныя інсайды аб перамяшчэнні расійскай тэхнікі па Беларусі. 

Nashaniva.com