Англійская паліцыя ўзяла на службу сабаку-сышчыка, нацяганага на пах спермы

Паліцыя графства Чэшыр узяла сабе на службу сабаку-сышчыка, нацяганага на пах спермы. Лабрадор па мянушцы Эйпрыл дапаможа расследаваць згвалтаванні і іншыя злачынствы на сэксуальнай глебе, піша Бі-бі-сі.

21.10.2022 / 23:13

Сабака можа вынюхаць 0,016 мілілітра семянной вадкасці, нават калі яна засталася на месцы злачынства некалькі гадоў таму.

Навучанне Эйпрыл доўжылася шэсць тыдняў. Лабрадор стаў трэцім сабакам у Англіі, спецыяльна нацяганым на пах спермы. Сабака ўжо прыступіў да сваёй першай справы — яго выклікалі на месца чарговага злачынства праз 36 гадзін пасля найму.

«Сабакі могуць наводзіць на сляды спермы ў месцах, недаступных для традыцыйных прылад. Як толькі яны ідэнтыфікуюць пах, пэўны кавалак матэрыялу або расліны адпраўляецца ў лабараторыю. Там з яго здабываюць ДНК, што дапамагае знайсці злачынцу», — расказаў кінолаг Дзін Ален.

Nashaniva.com