У расійскіх школах будуць вучыцца гуляць у лапту

У расійскіх школах увядуць навучанне гульні ў лапту, паведамілі ў Міністэрстве асветы Расіі. Спецыяльны модуль па лапце распрацуюць да ўрокаў фізкультуры, нароўні з модулямі па хакеі, футболе, плаванні і шахматах, піша РБК.

20.10.2022 / 21:31

У ведамстве паведамілі, што такую ініцыятыву выказалі настаўнікі на сустрэчы з міністрамі асветы Сяргеем Краўцовым і спорту Алегам Матыцыным.

«Настаўнікі падзякавалі за ўвагу да вучэбнай дысцыпліны, а таксама прапанавалі зрабіць асобны модуль па нацыянальнаму віду спорту — лапце. Міністр падтрымаў гэтую ініцыятыву, і да канца года з'явіцца адпаведны модуль у рамках прадмета «Фізічная культура».

Лапта — калісьці папулярная руская народная камандная гульня з мячом і бітай. Мэта гульні — ударам біты паслаць мяч у поле, перабегчы поле да процілеглага боку (кона) і вярнуцца назад, не даўшы суперніку закрануць сябе мячом. Нечым падобныя да лапты папулярныя на Захадзе віды спорту бейсбол і крыкет.

Nashaniva.com