У Пружанскім раёне забойцу афіцыянткі знайшлі праз сем гадоў. Узоры ДНК узялі ва ўсіх мясцовых мужчын

Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта раскрыла падрабязнасці расследавання крымінальнай справы аб згвалтаванні і забойстве 25-гадовай жыхаркі Пружанскага раёна.

20.10.2022 / 16:08

Восем гадоў таму ў маі 2014 года ў лесе быў знойдзены абгарэлы труп дзяўчыны, якая працавала афіцыянткай у мясцовым рэстаране. На яе целе былі шматлікія цялесныя пашкоджанні. Тады па гарачых слядах забойцу не знайшлі. Але праца па гэтай крымінальнай справе не спынялася, і ў 2021 годзе гэта прынесла вынік.

Раскрыць жорсткае забойства дапамог пільны агляд месца здарэння ў маі 2014 года. Тады спецыялісты знайшлі біялагічны матэрыял, які належаў на той момант невядомаму мужчыну.

Пасля былі ўзятыя ўзоры ДНК практычна ўсіх мясцовых мужчын і праведзены больш за 9 тысяч генетычных экспертыз.

У выніку супадзенне было ўстаноўлена. Абвінавачаны, ураджэнец гэтага ж раёна, быў арыштаваны ў сябе дома.

У тую ноч 16 мая 2014 года 30-гадовы мужчына, як вынікае з матэрыялаў справы, у лесе згвалціў і нанёс дзяўчыне 24 удары, ад якіх яна і памерла на месцы. Каб схаваць сляды злачынства, мужчына абліў цела бензінам і падпаліў.

Падчас следства абвінавачаны, неаднаразова змяняючы паказанні, прызнаў віну часткова. Ён сцвярджаў, што інтым быў па ўзаемнай згодзе і ў горадзе, а не ў лесе, потым нібыта была сварка, падчас якой ён і нанёс дзяўчыне ўдары.

Следчыя ж даказалі, што ўсё гэта адбылося ў лесе і было згвалтаванне. На гэта паказваў характар і лакалізацыя пашкоджанняў на абгарэлым целе дзяўчыны.

Абвінавачаны раней судзімы не быў, працаваў газаэлектразваршчыкам на адным з прадпрыемстваў Брэста. У ноч здзяйснення злачынства ён быў п'яны. Яму выстаўленае абвінавачванне адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса краіны, і ён заключаны пад варту.

Nashaniva.com