Брытанская разведка: Расія сур'ёзна разглядае магчымасць адступлення з Херсона

Брытанская ваенная разведка аналізуе заявы камандуючага аб'яднанай групоўкай расейскіх войскаў у Украіне Сяргея Суравікіна аб сітуацыі ў Херсонскай вобласці і прыходзіць да наступнай высновы.

20.10.2022 / 11:17

Два дні таму нядаўна прызначаны камандуючым генерал паведаміў расійскім СМІ, што ў раёне Херсона склалася «напружаная» сітуацыя, і падтрымаў агучаныя раней планы акупацыйных уладаў па эвакуацыі мірнага насельніцтва.

Аўтары зводкі называюць заяву Суравікіна «вельмі незвычайнай». «Верагодна, гэта паказвае на тое, што расійскія ўлады сур'ёзна разглядаюць магчымасць вываду значнай часткі сваіх войскаў з раёна на захад ад ракі Дняпро», — пішуць яны.

Робячы такую здагадку, яны называюць ключавой задачай пераправу праз Днепр. Паколькі ўсе масты сур'ёзна пашкоджаныя, Расія, хутчэй за ўсё, у значнай ступені будзе спадзявацца на часовы пантонны мост, пабудаваны недалёка ад Херсона, а таксама пантонныя пераправы, якія працягваюць дзейнічаць у некалькіх месцах.

Nashaniva.com