Былы расійскі футбаліст адсудзіў у фэйсбука больш за мільён даляраў за цэнзураванне прозвішча

Былы футбаліст зборнай Расіі Дзмітрый Хахлоў адсудзіў у фэйсбука 65 мільёнаў расійскіх рублёў (крыху больш за мільён даляраў) за тое, што сацсетка цэнзуравала ягонае прозвішча, прымаючы яго за абразу па нацыянальнай прыкмеце.

18.10.2022 / 17:59

Судовая цяганіна цягнулася амаль год.

«Ні я, ні мае сябры і знаёмыя не можам нармальна выкарыстоўваць Facebook і Instagram. Мне шмат людзей патэлефанавалі і сказалі, што пры любым згадванні блакуецца прозвішча. А яны трапляюць у бан на тыдзень», — скардзіўся футбаліст.

Хахлоў патрабаваў у сацсеткі 150 млн рублёў, але расійскі Сонцаўскі суд знізіў ацэнку маральнай шкоды. Цяпер, апрача выплаты кампенсацыі Facebook будзе абавязаны на працягу месяца разблакаваць усе згадкі пра Хахлова ў сацсетцы.

46-гадовы былы паўабаронца Дзмітрый Хахлоў гуляў за расійскую футбольную зборную ў 1996-2005 гадах.

Nashaniva.com