Іранская спартсменка на знак пратэсту выступіла на спаборніцтвах без хіджаба

Скалалазка Эльназ Рэкабі стала другой іранкай за 43 гады, якая пайшла на такі крок. Як піша The National, строгі дрэс-код 33-гадовая спартсменка парушыла падчас першынства Азіі па скалалажанні, які праходзіў у Сеуле. У фінале турніру яна ўзлезла на сцяну ў той час, як яе валасы былі проста сабраныя ў хвост. Рэкабі заняла на першынстве выніковае чацвёртае месца.

17.10.2022 / 20:08

Эльназ Рэкабі. Фота з сацсетак

Учынак спартсменкі стаў другім у гісторыі Ірана з тых часоў, як у 1979 годзе, неўзабаве пасля Ісламскай рэвалюцыі, нашэнне хусткі і закрытага адзення стала для іранскіх жанчын абавязковым.

У 2019 годзе на турніры па боксе ў Францыі іранка Садаф Хадэм выйшла на рынг без хіджаба. У выніку Садаф у Іран так і не вярнулася, адмяніўшы зваротны рэйс у Тэгеран пасля таго, як стала вядома, што на радзіме выдалі ордэр на яе арышт.

Выступленне Эльназ Рэкабі адбылося на фоне пратэстаў па ўсім Іране, падставай для якіх стала смерць у выніку пабояў сілавікоў 22-гадовай дзяўчыны Махсы Аміні.

Чытайце таксама:

«У Іране сістэма ўстойлівая, бо там няма манаполіі на ўладу». Усходазнаўца расказаў, ці могуць пратэсты перамагчы і як збудаваная гэтая ўнікальная палітычная сістэма

Nashaniva.com