ВУП Беларусі ў параўнанні з 2021-м зменшыўся на 4,7%

За студзень-верасень 2022 года ВУП Беларусі склаў 140,2 млрд рублёў. У параўнанні з аналагічным перыядам 2021-га ён знізіўся на 4,7%, паведамляе Белстат. Індэкс-дэфлятар склаў 117,2%.

17.10.2022 / 18:11

Пры гэтым вытворчасць сельгаспрадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак за тры кварталы павялічылася на 4,9% — да 23,9 млрд рублёў. Прырост у сельгасарганізацыях склаў 5,2% — да 19,6 млрд рублёў.

А вось вытворчасць прамысловай прадукцыі за студзень-верасень скарацілася на 6,1% — да 123,8 млрд рублёў. Прырост быў толькі ў горназдабыўной прамысловасці: там вытворчасць павялічылася на 2,35%. А ў апрацоўчай скарацілася — на 7,1%.

Найбольшае падзенне вытворчасці ў прамысловасці фіксуецца ў Мінскай вобласці — на 5,4%.

Раней Міжнародны валютны фонд на сваім сайце апублікаваў даклад «Перспектывы развіцця сусветнай эканомікі». Эканамісты прагназуюць, што пры росце ВУП Беларусі летась на 2,3% сёлета ён пойдзе ўніз — мінус 7%. У наступным годзе магчымы рост — на 0,2%.

Nashaniva.com