Супрацоўніку пякарні Brø bakery далі «хатнюю хімію» за ўдзел у акцыях пратэсту

Дзяніса Коршуна абвінавацілі паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Справа разглядалася ў судзе Ленінскага раёна Мінска. Суддзя — Юлія Шчоткіна, паведамляе «Вясна».

17.10.2022 / 13:56

Палітзняволены Дзяніс Коршун — супрацоўнік пякарні Brø bakery, быў затрыманы пасля прыходу сілавікоў на месца працы 17 мая. На наступны дзень з Дзянісам з'явілася «пакаяльнае відэа» на праўладных тэлеграм-каналах.

Па матэрыялах абвінавачання, Дзяніс Коршун, у адзін са жнівеньскіх дзён 2020 года «дзейнічаючы ўзгоднена з групай асоб прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады — супрацоўнікаў МУС».

Знаходзячыся на тэрыторыі горада Мінска выкарыстоўваў у якасці пратэснай сімволікі палатно бел-чырвона-белага колеру, плакат і бранзалет белага колеру, перакрываў рух грамадскага транспарту на праспекце Перамогі і праспекце Незалежнасці, чым прычыніў шкоду прадпрыемству КУП «Мінсктранс» на суму 5 839 рублёў 65 капеек.

Сваю віну ў ходзе судовага працэсу прызнаў цалкам, апазнаў сябе на фотаздымках.

Суд пакараў мінчука абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў. Прысуд быў вынесены 25 ліпеня, аднак пра яго праваабаронцы даведаліся толькі зараз.

Nashaniva.com