У Сірыі знайшлі вялізарную старажытнарымскую мазаіку са сцэнамі Траянскай вайны

У горадзе Растане выявілі вялізарную старажытнарымскую мазаіку са сцэнамі з антычнай міфалогіі. Артэфакт выдатна захаваўся. Гэта самая значная знаходка ў Сірыі за апошнія 11 гадоў — з пачатку вайны ў краіне, піша CBS News.

16.10.2022 / 19:07

Мазаіку знайшлі на падлозе руін будынка IV стагоддзя, які выкупілі ліванскія бізнэсмены і перадалі сірыйскай дзяржаве. Археолагі пакуль не могуць дакладна сказаць, што гэта быў за будынак — магчыма, грамадскія лазні.

Плошча мазаікі — 120 квадратных метраў. Верагодна, яна пашыраецца і на пакуль яшчэ не расчышчаныя ўчасткі. Выявы выкладзеныя квадратнымі каляровымі камянямі па 1,2 сантыметра кожны.

Малюнак вельмі дэталізаваны — на мазаіцы можна разгледзець сюжэты са старажытнагрэцкай і старажытнарымскай міфалогіі. Ёсць сцэны Траянскай вайны, выявы Геракла, амазонак, Нептуна і 40 яго палюбоўніц.

«Перад намі адкрыццё, рэдкае ў глабальным маштабе», — сказаў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення старажытнасцяў і музеяў Сірыі Хумам Саад. Паводле яго слоў, Растан — гістарычна значны горад, але да вайны ў ім не праводзілася раскопак.

Пасля выяўлення выдатна захаванай мазаікі ліванцы плануюць выкупіць для Сірыі і іншыя будынкі з помнікамі і артэфактамі, якія чакаюць свайго адкрыцця.

Nashaniva.com