МУС заявіла пра затрыманні людзей, «якія рыхтуюць тэракты і дыверсіі ў Беларусі»

 У МУС заяўляюць, што супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі некалькі чалавек, якія нібыта «рыхтуюць тэракты і дыверсіі ў Беларусі». Нібыта яны былі завербаваныя BYPOL і прадстаўнікамі Аб'яднанага пераходнага кабінета і атрымлівалі заданні па закладцы бомбаў, інструкцыі аб тым, дзе ўзяць запальныя сумесі ад плана «Перамога».

16.10.2022 / 16:47

Паводле інфармацыі ведамства, «затрыманыя даюць прызнальныя паказанні, аператыўная праца працягваецца». Паводле заявы намесніка міністра МУС Генадзя Казакевіча, у апошні час «гэты праект прадугледжвае гвалтоўнае звяржэнне ўлады» ў Беларусі і людзі праходзяць навучанне «на тэрыторыі Польшчы і атрымліваюць баявы вопыт на тэрыторыі Украіны».

Дэталі гэтай справы не прыводзяцца, іх абяцаюць агучыць сёння вечарам у праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1».

Звяртаем увагу, што спецслужбы лукашэнкаўскага рэжыму ў сваёй дзейнасці не аглядаюцца ні на прававыя, ні тым больш на маральныя нормы. Дзеля дасягнення сваіх мэтаў яны ніколі не спыняліся перад тым, каб проста фабрыкаваць патрэбныя ім «змовы». Людзей за гэта саджалі, але прадстаўленыя «доказы» іх віны заўсёды былі вельмі сумнеўныя. «Выкрыццё» ж «змовы» выкарыстоўвалася для ўзмацнення рэпрэсій. 

Nashaniva.com