ISW: Прыгожын хоча выслужыцца перад Пуціным, а «Вагнер» — узяць верх над Мінабароны Расіі

Прыватная ваенная кампанія «Вагнер» спрабуе зацвердзіць перавагу над Міністэрствам абароны Расіі, а заснавальнік ПВК бізнэсмен Яўген Прыгожын хоча выслужыцца перад прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным і вылучыць сілы «Вагнер» сярод звычайных сіл МА.

16.10.2022 / 08:10

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны ў сваім аналізе спасылаецца на відэа, апублікаванае ў сацыяльных сетках 13 кастрычніка. На кадрах вайскоўцы 126-й брыгады берагавой аховы Чарнаморскага флота ў Херсонскай вобласці скардзяцца, што яны ваююць у гэтым раёне з самага пачатку вайны без перапынкаў і ратацыі войскаў.

Вайскоўцы сцвярджаюць, што іх ціснуць украінскія войскі, і падкрэсліваюць, што ў іх адзін БТР на 80 чалавек, што моцна абмяжоўвае іх манеўранасць.

Пасля распаўсюджвання відэа 14 кастрычніка ў тэлеграм-канале «Вагнер» з'явілася паведамленне аб тым, што кіраўніцтва ПВК вырашыла перадаць чатыры пазадарожнікі 126-му батальёну берагавой аховы ў падтрымку іх намаганняў па ўтрыманні лініі фронту ў Херсонскай вобласці.

Як зазначаецца, перадача базавага абсталявання атраду звычайных расійскіх сухапутных войскаў можа быць схаванай крытыкай відавочнай няздольнасці Мінабароны Расіі забяспечыць прадметамі першай неабходнасці сваіх уласных салдат.

Nashaniva.com