Якія навіны з Херсоншчыны? Вайсковец у жывым эфіры арыгінальна намякнуў на сітуацыю

У эфіры медыя «Суспільне» вядучы заўважыў: заходнія аналітыкі лічаць, што ўкраінская армія здольная адваяваць Херсон і вярнуць кантроль над правым берагам Дняпра ўжо на наступным тыдні. І спытаў у кіраўніка прэс-службы 63-й асобнай механізаванай брыгады УСУ Алега Зялінскага, якая там цяпер сітуацыя.

15.10.2022 / 12:58

«Я быў гатовы да такога пытання, ведаў, што вы яго задасце. Але мы каментаваць не можам, — адказаў Зялінскі, а ў наступную секунду дастаў кавалак кавуна і пачаў яго есці, пасміхаючыся. — Гэта зараз забаронена, дачакайцеся ад Генеральнага штаба інфармацыі. Вам усё паведамяць, і ўсё будзе Украіна».

Як вядома, Херсоншчына славіцца сваімі кавунамі.

За апошнія тыдні ўкраінскія войскі прасунуліся на паўднёвым фронце, вярнуўшы частку акупаванай Херсоншчыны.

Украінская армія прарвала расійскую лінію фронту пад Херсонам на пачатку месяца, што стала самым буйным прасоўваннем Украіны на поўдні з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Масквы ў лютым. 

13 кастрычніка марыянеткавы кіраўнік акупаванай часткі Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда звярнуўся да Пуціна з просьбай дапамагчы з эвакуацыяй жыхароў рэгіёна ў іншыя часткі Расіі.

FT: Украіна можа ўзяць Херсон ужо на наступным тыдні

Nashaniva.com