Брытанская разведка: «Вагнер» працягвае наступ на Бахмут
Апошнія тры дні расійскія сілы вялі тактычны наступ у напрамку Бахмута Данецкай вобласці. Часткі 2-га армейскага корпуса апалчэння «ЛНР» меркавана занялі населеныя пункты Вопытнае і Іванград на поўдзень ад горада, гаворыцца ў ранішняй зводцы брытанскай ваеннай разведкі.
14.10.2022 / 10:56
Іншых населеных пунктаў, захопленых рэгулярнымі расійскімі або сепаратысцкімі сіламі з пачатку ліпеня, было няшмат, калі яны наогул былі, адзначаюць брытанскія вайскоўцы.
Расія, верагодна, разглядае захоп Бахмута як падрыхтоўку да наступу на Краматорск і Славянск — самыя буйныя населеныя пункты Данецкай вобласці, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны.
Сілы, якімі кіруе ваеннае фармаванне «Група Вагнера», дабіліся пэўных поспехаў на Данбасе: «Вагнер» па-ранейшаму актыўна ўдзельнічае ў баявых дзеяннях у раёне Бахмута.
Аднак агульная аператыўная задума «Вагнера» падрываецца ўкраінскім ціскам на паўночны і паўднёвы флангі ПВК, а таксама вострым недахопам боепрыпасаў і жывой сілы, гаворыцца ў паведамленні ваеннай разведкі Брытаніі.