Што азначае рэжым контртэрарыстычнай аперацыі?

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей у інтэрв'ю расійскім «Известиям» сказаў, што ў Беларусі ўведзены рэжым «контртэрарыстычнай аперацыі». Афіцыйна пра гэта нічога раней не паведамлялася, толькі Лукашэнка на нарадзе 10 кастрычніка вусна даручыў КДБ правесці «неабходныя мерапрыемствы контртэрарыстычнага характару». Што маецца на ўвазе?

14.10.2022 / 10:34

У законе «Аб барацьбе з тэрарызмам» ёсць паняцце рэжыму ў зоне правядзення контртэрарыстычнай аперацыі.

Згодна з ім, сілавікі могуць часова абмяжоўваць або забараняць рух транспарту і пешаходаў на вуліцах і дарогах, не прапускаць транспарт, у тым ліку дыпламатычны.

Супрацоўнікам органаў дазволена затрымліваць грамадзян пры адсутнасці ў іх дакументаў, якія пацвярджаюць іх асобу, для ўстанаўлення асобы. А таксама ўваходзіць бесперашкодна ў чужое жыллё і аглядаць яго — пры неабходнасці з пашкоджаннем замкоў і дзвярэй, у любы час сутак. Фармальная падстава — падазрэнне чалавека ў здзяйсненні акту тэрарызму, стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання або ўдзеле ў ім. Выключэнне — дыпламатычныя прадстаўніцтвы, консульскія ўстановы, памяшканні, дзе жывуць супрацоўнікі прадстаўніцтваў і іх сем'і.

Могуць даглядаць людзей, іх рэчы і транспарт — у тым ліку і з прымяненнем тэхнічных сродкаў. А таксама выкарыстоўваць транспарт і тэлефоны, якія належаць грамадзянам, дзяржаўным органам і іншым арганізацыям — «у службовых мэтах».

СМІ падпадаюць пры такім рэжыме пад строгую цэнзуру — працу журналістаў рэгулюе кіраўнік контртэрарыстычнай аперацыі.

Але трэба адзначыць, што пасля выбараў 2020 года сілавікі пры жаданні і так прыбягалі да вышэй апісаных мер у парушэнне закона. Аднак абвяшчэнне асаблівага рэжыму можа быць сігналам да яшчэ большага ўзмацнення рэпрэсій, якія вядуцца і без таго.

У законе сказана, што для ўдзелу ў контртэрарыстычнай аперацыі могуць прыцягвацца розныя сілавыя органы, а таксама Узброеныя сілы.

Макей: У Беларусі ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Nashaniva.com