Біскуп Касабуцкі запрашае на святую імшу «аб аднаўленні рэлігійнага жыцця» ў Чырвоным касцёле

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Хрысціянская візія». Таксама іерарх памоліцца аб беатыфікацыі заснавальніка храма — Эдварда Вайніловіча. «На жаль, не ў касцёле, ім пабудаваным», — напісаў біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

13.10.2022 / 16:26

Імша пройдзе ў архікафедральным касцёле ў Мінску, 13-га кастрычніка, у 18.30. Можна таксама ўдзельнічаць у жывой трансляцыі.

У сваю чаргу салідарнасць з парафіяй св. Сымона і Алены і іх пробашчам ад імя ўсіх вернікаў і духавенства Мінска выказаў ксёндз Ян Крэміс, біскупскі вікарый Мінскага рэгіёна. Ксёндз падкрэсліў, што закрыты касцёл мае важнае рэлігійнае значэнне для сталіцы.

Упершыню ў публічнай сферы наконт сітуацыі з Чырвоным касцёлам выказаўся і мітрапаліт Іосіф Станеўскі. Ён благаславіў малітву ў Мінску «з мэтай вырашэння справы і найхутчэйшага вяртання святыні ў культавае выкарыстанне».

У канцы верасня ўлады скасавалі дамову карыстання Чырвоным Касцёлам з супольнасцю «Рымска-каталіцкая парафія святога Сымона і святой Алены». Адпаведнае апавяшчэнне атрымалі касцельныя ўлады. Да 12 кастрычніка вернікі павінны былі пакінуць будынак.

Чытайце таксама:

Уладзіслаў Завальнюк запрашае на развітальную службу з Чырвоным касцёлам

Вернікам на чале з ксяндзом Уладзіславам Завальнюком сілавікі заміналі маліцца на прыступках зачыненага Чырвонага касцёла

«Спадзяемся на плённае супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі». Каталікі выказаліся адносна сітуацыі з Чырвоным касцёлам

Мінскія ўлады пракаментавалі скандал з Чырвоным касцёлам

Улады забіраюць у вернікаў Чырвоны касцёл. Што будзе далей?

Nashaniva.com