Макрон перасцярог Лукашэнку ад удзелу ў канфлікце ва Украіне

Прэзідэнт Францыі лічыць, што актыўны ўдзел Беларусі ў канфлікце Расіі і Украіны прывядзе да таго, што Лукашэнка сутыкнецца з праблемамі ў сябе ў краіне. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу France 2, піша «Радыё Свабода».

13.10.2022 / 13:28

«Калі прэзідэнт Лукашэнка вырашыць яшчэ больш прысвяціць сябе гэтай вайне, ён зробіць гэта насуперак парадзе значнай часткі свайго народа. Тады яму давядзецца ўзяць на сябе адказнасць, якая, я думаю, не абыдзецца для яго без праблем», — сказаў Макрон.

Прэзідэнт Францыі таксама нагадаў, што ЕС ужо ўвёў санкцыі супраць Беларусі пасля таго, як краіна дазволіла размясціць на сваёй тэрыторыі расійскіх вайскоўцаў «для перакідвання ва Украіну».

10 кастрычніка Лукашэнка паведаміў, што ён дамовіўся з Уладзімірам Пуціным аб разгортванні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў «у сувязі з абвастрэннем на заходніх межах саюзнай дзяржавы». Лукашэнка таксама ў чарговы раз заявіў, што ва Украіне плануюць нанясенне ўдараў па тэрыторыі Беларусі — пра гэта Мінск нібыта папярэдзілі «па неафіцыйных каналах».

Nashaniva.com