Бацьку чатырох непаўналетніх дзяцей арыштавалі ў Маскве за тое, што ён слухаў украінскую музыку ў машыне

Масквіч Антон Усаў атрымаў 15 сутак арышту і 50 тысяч рублёў штрафу пасля затрымання за тое, што слухаў украінскую музыку. Пры гэтым Усаў — бацька-адзіночка.

13.10.2022 / 10:16

Як паведамляе «ОВД-Инфо», Усава прызналі вінаватым па артыкулах аб непадпарадкаванні паліцыянту і дыскрэдытацыі ўзброеных сіл РФ. Мужчына быў затрыманы супрацоўнікамі ДПС — нібыта ён слухаў украінскую музыку ў сваёй машыне.

Як адзначае «ОВД-Инфо», Усаў упершыню прыцягваўся да адказнасці паводле гэтых адміністрацыйных артыкулаў. На яго ўтрыманні знаходзяцца чацвёра непаўналетніх дзяцей. Жонка Усава не з'яўляецца іх законным апекуном. Нягледзячы на гэта, суд прыняў рашэнне прызначыць арышт на максімальны тэрмін.

Nashaniva.com