Міністр абароны Вялікабрытаніі: Пасля няўдач ва Украіне Расія больш не звышдзяржава

На думку міністра абароны Вялікабрытаніі Бена Уолеса, у прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з-за шэрагу няўдач расійскай арміі ў Украіне пачынае з'яўляцца разуменне, што Расія больш не з'яўляецца звышдзяржавай. Уоллес сказаў гэта ў інтэрв'ю Evening Standard.

12.10.2022 / 21:47

Бен Уолес

«Ён (Пуцін) толькі што выявіў, што Расія — не звышдзяржава. Гэта ключавы момант. З аднаго боку, вы паверылі ва ўласны хайп, парады, на якіх вы лічылі танкі, лічылі, што яны з'яўляюцца непераможнымі, а на самай справе — не», — сказаў Уолес.

Кіраўнік брытанскага Мінабароны лічыць, што расійскія сілы прайграюць ва Украіне праз «свае ваенныя магчымасці» і ілжывыя «стратэгічныя здагадкі» свайго кіраўніцтва.

«На кожным кроку яны недаацэньвалі Украіну і пераацэньвалі Расію. Але ў Пуціна ў загашніку ёсць мільёны людзей, якіх ён можа запхнуць у мясарубку без правілаў, без павагі да чалавечых жыццяў, да нявінных людзей і грамадзянскага насельніцтва», — дадаў Уоллес.

Ён дадаў, што ў апошнія дні контрнаступленне Украіны ў Херсонскай вобласці запаволілася, але яна ўсё адно захоўвае перавагу, тады як Расія «сутыкаецца з катастрафічнай стратай баявога духу, дрэнным абсталяваннем, значным дэфіцытам боепрыпасаў і палітычнай нестабільнасцю».

«Яго (Пуціна) стратэгічныя здагадкі, падобна, памылковыя ва ўсім. Нават учора (у панядзелак) абстрэл мізэрнай колькасцю ракет, якія застаюцца, па выпадковых грамадзянскіх аб'ектах, у той час як вы павінны былі абстрэльваць вайсковыя цэлі, не з'яўляецца стратэгічным або разумным выкарыстаннем вашых абмежаваных рэсурсаў», — лічыць міністр абароны Вялікабрытаніі.

Nashaniva.com