У Ельску сёння спрабавалі захапіць райвыканкам і аддзел міліцыі

У Ельску Гомельскай вобласці працягваюцца тактыка-спецыяльныя вучэнні органаў унутраных спраў, унутраных войскаў і спецыяльных падраздзяленняў МУС. Паводле прэс-службы МУС, сённяшнія дзеянні дзяліліся на тэарэтычную і практычную частку.

12.10.2022 / 20:03

Тэарэтычна ўдзельнікі вучэнняў і запрошаныя госці азнаёміліся з выставай узбраення, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі, спецыяльных сродкаў, форменнага адзення і экіпіроўкі, а таксама паглядзелі вучэбны фільм.

Практычная ж частка складалася з імітацыі нападу на горад і спробы захопу крытычна важных аб'ектаў: будынкаў Ельскага райвыканкама і РАУС.

Як паведамляюць самі ўдзельнікі вучэнняў, яны «прадэманстравалі зладжаныя дзеянні пры адбіцці ўзброенага нападу праціўніка, яго абясшкоджванні і затрыманні, забеспячэнні бяспекі жыхароў». Хоць жыццё паказвае, што досвед рэальнай вайны з рэальным праціўнікам часта адрозны ад таго, што атрымліваецца, калі адбіваць свой жа напад.

Nashaniva.com