Расійская «дачка» «Беларуснафты» набыла ўчастак на Крайняй Поўначы

Плошча паўночнага актыву даччынага прадпрыемства «Беларуснафты», нафтавай кампаніі «Янгпур», павялічылася на 101,5 кв. км, піша партал neft.by. Кампанія набыла ўчастак у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе.

12.10.2022 / 16:31

Фота: neft.by

«Дачка» беларускай кампаніі, выйграўшы аўкцыён, купіла чарговы ліцэнзійны ўчастак на Крайняй Поўначы — Янг'яхінскі. Ён размешчаны за 38 кіламетраў ад межаў Усць-Пурпейскага ўчастка, дзе беларускія нафтавікі ўжо вядуць здабычу на чатырох радовішчах.

Побач з гэтым участкам размешчаныя дзейныя радовішчы буйных расійскіх кампаній. Таму перспектыўны набытак лічаць яшчэ адным крокам «Беларуснафты» да павелічэння здабычы нафты і газу ў Расіі.

Паводле планаў, да 2025 года ў Заходняй Сібіры ўзровень здабычы вуглевадародаў у нафтавым эквіваленце павінен дасягнуць аб'ёму, які нафтавікі «Белнафты» атрымліваюць у Беларусі.

Nashaniva.com