Дыяспара Беластока збірае подпісы, каб арганізаваць урокі беларускай мовы для школьнікаў з Беларусі

Ініцыятары пачалі кампанію 3 кастрычніка. Яе мэта — арганізаваць заняткі па беларускай мове ў польскіх школах, паведамляе Mostmedia.io.

12.10.2022 / 15:03

Чаму ініцыятыва ўзнікла

Беларускую мову ў Беластоку з усіх школ цяпер выкладаюць толькі ў чацвёртай. Прычым вывучаць яе могуць толькі прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці — тыя дзеці, чые бацькі маюць польскае грамадзянства і лічаць сябе беларусамі.

Падчас апошняй хвалі эміграцыі ў Польшчы апынуліся многія беларусы, якія хацелі б забяспечыць дзяцей заняткамі беларускай мовай. Але яны не маюць польскага грамадзянства, таму не могуць накіраваць дзяцей у беластоцкую школу №4 з магчымасцю вучыць беларускую мову.

— Але мы лічым, што ведаць родную мову, літаратуру, культуру — надзвычай важна, — адзначаюць ініцыятары. Таму і абвясцілі збор заяў у Дэпартамент адукацыі аб арганізацыі заняткаў беларускай мовай для дзяцей прадстаўнікоў беларускай дыяспары.

Як падтрымаць

Калі вы хочаце далучыцца да кампаніі, калі ласка, запоўніце заяву і прынясіце ў MediaPortBelarus у Беластоку па адрасе: Sienkiewicza 44. Можаце падпісаць заяву адразу на месцы — раздрукаваныя формы чакаюць вас у MediaPortBelarus.

Пасля ініцыятары аднясуць заявы ў Дэпартамент адукацыі.

Заявы збіраюць да 24 кастрычніка. MediaPortBelarus працуе з 9 да 18 гадзін у працоўныя дні.

Пасля таго, як дыяспара атрымае адказ ад Дэпартамента, ініцыятары арганізуюць сустрэчу, на якой абмяркуюць наступныя крокі.

Nashaniva.com