У Гродне школьнікаў замест вучобы хацелі адправіць перабіраць бульбу, але бацькам удалося адбіцца

Стала вядома, што сёння кіраўніцтва адной са школ Гродна праз школьны чат сказала школьнікам, што замест вучобы яны заўтра з самай раніцы едуць на агароднінную фабрыку перабіраць бульбу і буракі. У паведамленні адзначалася, што «яўка абавязковая», паведамляе тэлеграм-канал «МотолькоПомоги».

11.10.2022 / 22:30

У той жа час, калі кіравацца заканадаўствам, то ў Беларусі ўвогуле забаронена адпраўляць на ўборку бульбы і іншыя сельскагаспадарчыя работы школьнікаў да 14 гадоў, а тых, хто старэйшы — можна, але толькі з пісьмовай згоды бацькоў.

Увечары ў чаце з'явілася ўжо іншае паведамленне:«Заўтра ўсе на ўрокі, як звычайна. Агароднінная фабрыка адмяняецца. Гэтак жа вам будуць раздадзеныя згоды (перадаць бацькам, каб азнаёміліся і запоўнілі)».

Можна меркаваць, што бацькі вучняў аказаліся юрыдычна падкаванымі і змаглі дабіцца адмены незаконнага рашэння школьнай адміністрацыі.

Nashaniva.com