Жанчыну, якая правяла антываенную акцыю на лінейцы ў Наваполацку, аштрафавалі трэці раз

Сёння ў Наваполацку адбыўся ўжо трэці суд над Ганнай Тукавай. Справу па двух пратаколах па арт. 24.23 КаАП разгледзела суддзя Зінаіда Балаболава, піша «Вясна».

11.10.2022 / 17:56

1 верасня падчас лінейкі ў наваполацкай гімназіі праходзіла выступленне людзей у вайсковай форме. Ганна на сярэдзіне выступлення выйшла з антываеннай акцыяй — яна стала перад імі і паказала знак «віктары».

Жанчыну адразу затрымалі, а потым тыдзень утрымлівалі за кратамі, нягледзячы на тое, што ў яе ёсць 12-гадовая дачка.

Вядома, што раней Тукавай двойчы прызначалі штрафы: 30 і 100 базавых велічынь. Цяпер ёй ставіцца ў віну «пікетаванне» ў інстаграме выявамі украінскага сцяга.

На судзе жанчына адзначыла, што старонка яе закрытая, таму ўчастковы не меў доступу да яе публікацый. Такое ўмяшальніцтва ў яе прыватнае жыццё яна расцэньвае як «спробу псіхалагічнага ціску».

У выніку суддзя прызначыла Ганне яшчэ 100 базавых велічынь штрафу. Агулам Тукава павінна сплаціць 7360 рублёў.

Чытайце таксама:

Што вядома пра жанчыну, якая зладзіла антываенную акцыю на лінейцы ў Наваполацку? Падрабязнасці

Nashaniva.com