Ва Украіне загінуў жыхар Свярдлоўскай вобласці, якога мабілізавалі ў канцы верасня

Ва Украіне загінуў мабілізаваны Яўген Бізяеў з Краснатурʼінска (горад у Свярдлоўскай вобласці ў 380 км ад Екацярынбурга). Маладога чалавека прызвалі ў рамках частковай мабілізацыі 28 верасня і праз некалькі дзён адразу адправілі да месца правядзення ваенных дзеянняў. Пра гэта Itʼs My City паведаміла сваячка загінулага Анастасія. Гэта ці не першы выпадак гібелі мабілізаванага, пра які стала вядома СМІ.

11.10.2022 / 12:22

 

Фота: «Дарогі Краснатур'інска» / укантакце

«Ён зʼехаў 28 верасня. Спачатку [яго адвезлі] у 32-і гарадок, затым іх адправілі ў Растоў, адтуль перавезлі ўжо ў гарачую кропку. У яго засталася дачка, [ёй] 3 гады», — паведаміла дзяўчына.

Паводле яе, маці Яўгена пра смерць сына прачытала ў сацыяльных сетках, бо інфармацыя пра яго гібель распаўсюджвалася ў розных пабліках. Жанчыне прыйшлося самой звярнуцца ў мясцовы ваенкамат і толькі тады ёй пацвердзілі паведамленне. Цяпер яна знаходзіцца ў стане шоку, як і сястра Яўгена. Загінулага Яўгена Бізяева яшчэ не прывезлі ў Краснатурʼінск.

Яшчэ некалькі чалавек паведамілі Itʼs My City, што разам з Яўгенам з'ехалі з Краснатурʼінска іх сваякі. Усе яны каля тыдня не выходзяць на сувязь. Паводле непацверджанай інфармацыі, яшчэ два чалавекі са Свярдлоўскай вобласці былі параненыя.

Nashaniva.com