У Мазыры адбылося ДТЗ са службовай машынай ДАІ

8 кастрычніка а 16:11 на вул. Пралетарскай у Мазыры адбылося ДТЗ з удзелам службовага аўтамабіля ДАІ «Джылі». Аўтаінспекцыя сцвярджае, што іх аўтамабіль ехаў з маячкамі.

09.10.2022 / 19:52

Як піша «Гомельская праўда», экіпаж «аператыўна рухаўся на дапамогу іншаму нараду, які затрымліваў правапарушальніка, што аказваў супраціўленне». Падрабязнасцей таго здарэння не паведамляюць.

Пры гэтым нібыта былі ўключаныя маячкі чырвонага і сіняга колераў, а таксама гукавая сірэна.

Супрацоўнікі ДАІ выехалі на паласу сустрэчнага руху для аб'езду транспарту, дзе і адбылося сутыкненне з аўтамабілем «Форд Фокус», за рулём якога быў 42-гадовы мясцовы жыхар. Кіроўца паварочваў налева.

У здарэнні ніхто не пацярпеў, аўтамабілям нанесены пашкоджанні. Па факце ДТЗ праводзіцца праверка, паведамілі ў ДАІ УУС аблвыканкама.

Nashaniva.com